КРУЦІ́ЛЬНЫЯ ВАГА́ННІ,
механічныя ваганні, пры якіх пругкія элементы канструкцый зведваюць дэфармацыю кручэння. Напр., гарманічны рух круцільнага маятніка. Выяўляюцца таксама ў машынах з пераменнай нагрузкай на вярчальны вал, напр., поршневых рухавіках, турбінах, генератарах, сілавых перадачах трансп. машын.
К. в. круцільнага маятніка выкарыстоўваюцца ў розных фіз. прыладах, напр., для вызначэння модуля пругкасці пры зруху, каэфіцыентаў унутр. трэння. У канструкцыях механізмаў і машын К. в. звычайна адмоўная з’ява — пры супадзенні частаты ваганняў, што ўзнікаюць, з адной з частот, напр., сілавой перадачы, выяўляюцца рэзанансныя К. в. (гл. Рэзананс), якія вядуць да разбурэння машыны. Гл. таксама Флатэр.
т. 8, с. 490
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)